Сёлета мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, праходзіла асабліва ўрачыста, шчыра і святочна – і значную ролю ў гэтым адыграў памятны знак ахвярам вайны ў Афганістане, які з’явіўся ў Астраўцы ў мінулым годзе. Ушанаваць памяць загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, ваенізаваных структур, моладзь і жыхары Астравеччыны, якія проста не змаглі прайсці міма. У тым ліку прыйшлі і лідары Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”.
– Удзельнікі Афганскай вайны прайшлі праз шматлікія выпрабаванні – і гэта на ўласным вопыце ведаюць нашы шаноўныя афганцы. Тысячы салдат і афіцэраў ішлі туды не за медалямі і ордэнамі, а каб выканаць інтэрнацыянальны абавязак, – адзначыла ў выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Паважаныя воіны-афганцы! Вы, былыя ўдзельнікі баявых дзеянняў, цяпер з’яўляецеся актыўнымі праваднікамі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. На вашым прыкладзе выхоўваецца моладзь. У гэты памятны дзень мы шчыра дзякуем за ваш гераізм і вайсковы подзвіг.
Урачыстае ўскладанне вянка ад раённай улады і кветак ад усіх прысутных, трайны памятны залп, марш духавога аркестра, дрыготкі агеньчык свечкі і кавалачак хлеба на стограмоўцы – мы памятаем пра тых, хто не вярнуўся і будзем памятаць заўсёды!