Больш за 600 чалавек ужо паўдзельнічалі ў добраахвотнай традыцыйнай акцыі «Тыдзень лесу» на Астравеччыне Гродзенскай вобласці. Актыўнымі ўдзельнікамі былі і члены Беларускага саюза жанчын. Кампанію па пасадцы дрэў лесаводы прымеркавалі да Года народнага адзінства. Сапраўды, што, як ні добрая справа, лепш згуртоўвае людзей?!
Дружна і спрытна – вядома, на свежым паветры працаваць куды прыемней, чым у офісе! – сёння больш за 50 чалавек садзілі лес на дзялянцы Гервяцкага лясніцтва. Працавалі ў парах: мужчыны мячом Колесава рабілі ямкі, у якія жанчыны апускалі сеянцы сасны і бярозы.
Па словах лідара жаночага руху Астравеччыны Наталлі Баніцэвіч, сёлета шмат жанчын выказала жаданне паўдзельнічаць у добрай справе – пасаджаны лес застанецца ў спадчыну дзецям і ўнукам:
– Працаваць – адно задавальненне! У пасадцы лесу ўдзельнічаем кожны год. Хочацца верыць, што гэтыя кволыя сосенкі і бярозкі прыжывуцца і праз шмат гадоў стануць сапраўдным лесам – бо мы іх садзім з душой.





