Ужо чвэрць стагоддзя, як па добрай традыцыі напярэдадні Новага года распачынаецца ў Беларусі гэты маштабны марафон дабрыні і душэўнай шчодрасці. У рэспубліканскую акцыю “Нашы дзеці” заўжды ахвотна ўключаюцца актывісты грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, проста нераўнадушныя жыхары Шчучынскага раёна. Вось і сёння з падарункамі і цёплымі віншаваннямі ў Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзетак з інваліднасцю завітала цэлая дэлегацыя.
Торцікі для “салодкага стала” рабятам прызвелі старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук. Цацкі, самаробныя паштоўкі, навагоднія ўпрыгожанні, школьныя прылады перадалі ад піянераў і моладзі першы сакратар РК БРСМ Алена Пратасевіч і старшыня раённага савета ГА БРПА Вікторыя Шылко. Безумоўна, эпідэміялагічная сітуацыя наклала на гэту сустрэчу свой адбітак. Гасцей ля прапускнога пункта сустракаў дырэктар сацыяльнай ўстановы Здзіслаў Янкевіч, запрасіў прайсці да аднаго з карпусоў дома-інтэрната, дзе ля вокнаў у памяшканні сабралася дзятва і радасна махала нам рукамі. Гэты абмен усмешкамі і добразычлівымі жэстамі быў вельмі кранальным.
— Так складваюцца абставіны, што падарункі мы прымаем, але запрасіць на карнавал да рабят па зразумелых прычынах не зможам, — тлумачыць Здзіслаў Іосіфавіч. – Свята, як заўжды ў нас, будзе вясёлае, з цікавым сцэнарыем, казачнымі героямі і прыгодамі, толькі праводзіць яго будзем не пры такой масавасці, а ў кожным аддзяленні асобна.
У гэтыя дні ў Васілішкаўскі дом-інтэрнат тэлефануюць шматлікія шэфы з арганізацый і прадпрыемстваў, выказваюць гатоўнасць прыехаць або пераслаць падарункі.
Рэспубліканская акцыя будзе доўжыцца да 10 студзеня 2021 года. Далучайцеся!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ, раённая газета “Дзянніца”.
Фота аўтара.


