Актывісты Астравецкага Беларускага саюза жанчын наведалі пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду

Сюды мала хто трапляе па ўласным жаданні. І ў кожнага з пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду, што ў Міхалішках, свая гісторыя. Для кагосьці знаходжанне тут – вымушаная мера, для іншых – выратаванне. Аддзяленне сястрынскага догляду – такую назву яно насіла да мінулага года – існуе даўно. Цяпер назва змянілася на бальніцу сястрынскага догляду, якая разлічана на 50 месцаў, – і, на жаль, вольных ложкаў практычна не бывае. Наадварот: жадаючых больш, чым можа прыняць установа.

– Наша бальніца прызначана для часовага знаходжання людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, – не абавязкова гэта пенсіянеры, пажылыя ці інваліды. Як правіла, у нас знаходзяцца хворыя, якім патрабуецца кругласутачны медыцынскі догляд, – расказвае галоўны ўрач Генрых Калтан.

Праходзяць лячэнне, а фактычна – жывуць тут людзі розных прафесій і рознага ўзросту. І стан здароўя ў кожнага з іх таксама розны. Хтосьці ляжыць без усялякай надзеі на тое, што некалі зможа ўстаць на ногі, нехта перасоўваецца на мыліцах, іншыя – могуць яшчэ за сабой прыглядваць самастойна.

– Часам да нас прывозяць пацыентаў, якіх, інакш як ляжачым шкілетам, і не назавеш, – говорыць Генрых Калтан. – А потым, глядзіш, чалавек папраўляецца. На ногі, праўда, такія рэдка ўстаюць – і для іх наша бальніца і медыцынскі персанал з’яўляюцца выратаваннем.

За гады працы галоўны ўрач можа ўзгадаць мноства розных сітуацый – на жаль, большасць з сумным фіналам: калі людзі дажываюць тут свой век.

І таму большасць бабулек і дзядкоў вельмі чакаюць прыезду гасцей. Некаторых наведваюць родныя, да іншых – прыехаць няма каму.

Шмат гадоў у Дзень пажылых людзей пацыентаў бальніцы наведваюць актывісткі раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», якую ўзначальвае Наталля Баніцэвіч.

– На жаль, сёлета з-за эпідэмічнай сітуацыі мы не змаглі зайсці ў палаты, пагаварыць, не прывезлі і артыстаў, не арганізавалі музычную праграму. Будзем спадзявацца, што такая сустрэча адбудзецца напярэдадні калядных святаў, – адзначыла Наталля Баніцэвіч. – Канешне, хацелася б, каб гэтых людзей наведвалі іх дзеці і блізкія – у многіх жа яны ёсць. Запрашаю далучыцца да гэтых акцый не толькі жанчын, якія ўваходзяць у склад нашай арганізацыі, але і ўсіх іншых. Бо, як вядома, дапамога ніколі не бывае лішняй.

…Пацыенты радаваліся салодкім падарункам, а медыцынскі персанал дзякаваў за падгузнікі. На жаль, гэта самы патрэбны гігіенічны тавар для многіх пацыентаў.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *