Дзень Незалежнасці ў Астраўцы

Па традыцыі святкаванне Дня Незалежнасці ў Астраўцы стартавала з акцыі «Кветкі Перамогі» – яе арганізатарам ужо некалькі гадоў з’яўляецца райкам грамадскага аб’яднання БРСМ. Вось і на гэты раз яго актывісты кожнаму ўдзельніку святочнай урачыстасці прымацавалі «Кветку Перамогі». Шчымлівая вершаваная кампазіцыя нагадала пра тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны і чый подзвіг сёння памятаюць удзячныя нашчадкі. Актывісткі Астравецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” таксама прынялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах.

Пра галоўнае свята краіны, у якім аб’ядналіся святыя для ўсіх паняцці – Вызваленне, Перамога і Незалежнасць, – гаварыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін.

– Разам з усёй краінай шлях станаўлення і развіцця прайшоў і наш Астравец, самы малады горад рэспублікі, горад энергетыкаў, – адзначыў Ігар Яраслававіч. – І сёння прыемна паведаміць, што Астравецкі раён стаў пераможцам сярод раёнаў Гродзеншчыны ў дзвюх намінацыях і занесены на абласную Дошку гонару. Выказваю словы ўдзячнасці ўсім працоўным калектывам, ветэранам працы за дасягнутыя поспехі ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. І яшчэ раз хачу нагадаць, што ўсё, чаго мы дасягнулі, стала магчымым, у першую чаргу, дзякуючы суверэнітэту нашай краіны, граматнай палітыцы нашай дзяржавы. Жадаю ўсім шчасця, дабрыні, міра і поспехаў ў працы на карысць нашай любімай Радзімы!

Падчас урачыстасці гучалі віншаванні і ўспаміны, у памяць аб загінулых аб’явілі хвіліну маўчання і прагрымелі салютныя выстралы, а да помніка ляглі кветкі ад удзячных нашчадкаў.

Мы помнім! І мы ганарымся, што жывём у незалежнай квітнеючай краіне.

«Наша любімая маці-Радзіма, вечна жыві і квітней, Беларусь» – гэтае агульнае прызнанне ў любові сваёй краіне ў рамках акцыі «Праспяваем гімн разам» прагучала з вуснаў кіраўнікоў раёна, артыстаў і ўсіх, хто жадае працвітання нашай Айчыне – у вечаровым паўзмроку даўно знаёмыя словы ўспрымаліся па-асабліваму, узнёсла і кранальна.

 

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *