Нараджэнне дзіцяці – шчаслівая падзея, якой заўсёды радуюцца бацькі, сваякі і блізкія людзі. Ёсць дзеці, якія па волі лёсу з’яўляюцца на свет у значныя для нашай краіны святы. Ганаровы спіс нованароджаных, якія з’явіліся на свет у Дзень міру, сёлета папоўніцца імёнамі трох маленькіх навагрудчан.
На пастаяннай аснове Навагрудская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» шэфствуе над радзільным аддзяленнем цэнтральнай раённай бальніцы.
У рамках акцыі “Дзіця міру” 26 верасня тут намеснік старшыні раённага аддзялення Фонду міру Дз.Р. Кананчук разам з прадстаўніцамі БСЖ павіншавалі матуль і дзяцей з важнай падзеяй у іх жыцці. Маленькія ўдзельнікі акцыі атрымалі ганаровае званне “Дзіця міру”, а шчаслівым мамам: Аліне Віктараўне Алёшкінай, Вользе Уладзіміраўне Ваўчок і Аляксандры Ігараўне Ляпешка былі ўручаны грашовыя прэміі.
Віншаванне для ўсіх жанчын стала прыемнай нечаканасцю. Калі дзеці падрастуць, яны ім абавязкова раскажуць, у які дзень з’явіліся на свет.
Сярод шчаслівых матуль, у якой у Дзень міру нарадзілася дачушка Марыя, і навагрудчанка Аліна Віктараўна Алёшкіна.
– Думаю, званне “Дзіця міру” будзе матываваць дачушку ісці дарогай поспехаў і здзяйсненняў, якія абавязкова будуць на яе шляху, – сказала маладая мама.
Шчаслівыя матулі ад душы дзякавалі за праяўленыя клопат і ўвагу.