У суботу 24 лістапада цэнтр раёна перамясціўся ў аграгарадок Малі: тут прайшло свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі – тых людзей, якія самааддана, часта без святаў і выхадных, працуюць на палях, фермах і комплексах.
Лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплекса раёна вітаў святочна ўпрыгожаны Мальскі дом культуры, у фае якога размясцілася фотавыстава “Людзі працы – гонар нашага краю!” і выстава работ майстроў і рамеснікаў.
– Не ведаючы выхадных, вы працуеце, каб у кожнай сям’і на стале былі хлеб, малако, мяса, гародніна, – віншуючы працаўнікоў вёскі, сказаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін. – Дзякуй вам за плён і нізкі паклон!
Віншаванні і падарункі перадавікам адрасавала і Астрвецкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”
Цудоўная канцэртная праграма лепшых артыстаў і калектываў раёна, у тым ліку і адроджанай “Кемяліны”, стала добрым падарункам ўсім, хто ў гэты дзень быў у зале.


