У гімназіі №1 горада Дзятлава прайшло ўрачыстае пасяджэнне ўдзельнікаў праўлення Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, прымеркаванае да Дня маці. У час сустрэчы былі ўшанаваны жанчыны-актывісткі нашага раёна, прагучалі віншаванні, песні і вершы, а таксама ў цёплай сяброўскай атмасферы ўдзельніцы жансавета абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў. Галоўнае з іх – падрыхтоўка да раённага справаздачна-выбарчага сходу, які пройдзе ў лістападзе гэтага года.
Нотку святочнага настрою ў сустрэчу ўнесла настаўніца гімназіі Алена Радомская, якая расказала аб традыцыях святкавання Дня маці ў розныя часы ў розных краінах і заклікала навучэнцаў установы павіншаваць прысутных з гэтым выдатным святам. Гучалі самыя душэўныя, пяшчотныя песні і вершы. Эстафету віншаванняў у гімназістаў перанялі работнікі культуры і таксама падарылі прысутным шмат станоўчых эмоцый.
Затым Алена Жадзейка расказала аб сваёй паездцы ў Ліду, дзе праходзіла выязное пашыранае пасяджэнне прэзідыума абласной арганізацыі БСЖ, абмяркоўвалася роля жанчын у фарміраванні сямейных каштоўнасцяў. У час гэтага мерапрыемства былі ўручаны ўзнагароды “Бацькоўская слава”, заснаваныя абласной арганізацыяй БСЖ. Іх атрымалі 5 сем’яў Гродзенскага рэгіёна, у якіх дзеці дасягнулі высокіх вынікаў у розных сферах. Алена Жадзейка расказала, што яе асабліва парадавала, што сярод узнагароджаных былі выхадцы з Дзятлаўскага раёна, якія цяпер жывуць у Ашмянах. Гэта сям’я Саванец, якая вызначылася ў намінацыі “Інтэлект”. Дачка Вольгі і Аляксандра – Анастасія Саванец (цяпер студэнтка 1 курса стаматалагічнага факультэта БДМУ) у мінулым годзе заняла першае месца ў абласным этапе алімпіяды па хіміі. Яна пераможца рэспубліканскага конкурсу “Супернавучэнец Рэспублікі Беларусь-2016”, тройчы стыпендыятка прэміі Ашмянскага райвыканкама па падтрымцы таленавітай моладзі “Надзеі 
На выязным пасяджэнні таксама было чарговы раз падкрэслена, што да вырашэння праблемаў сям’і трэба прыцягваць мужчын, таму ў раёнах неабходна ствараць клубы паспяховых бацькоў. На Дзятлаўшчыне такі клуб таксама фарміруецца, і Алена Жадзейка спадзяецца, што з цягам часу мужчыны нашага раёна стануць больш актыўнымі.
Прыемным момантам сустрэчы стала ўшанаванне жанчын. Цёплыя словы віншаванняў прагучалі для шматдзетных і прыёмных матуляў, майстрых-рукадзельніц, жанчынаў-лідараў аб’яднання. Усе яны атрымалі памятныя падарункі ад жансавета.
Алена Жадзейка заклікала дзятлаўчанак і надалей быць актыўнымі, бо вострымі ў грамадстве застаюцца яшчэ многія праблемы. Напрыклад, адна з іх, якую нельга абысці ўвагай, – праблема сацыяльнага сіроцтва. Яна ўзнікае тады, калі жанчына забываецца пра сваё прызначэнне. З такімі гора-маці абавязкова павінен працаваць жансавет, шукаць новыя формы і метады вываду сем’яў з крызіснай сітуацыі.
Каб не быць галаслоўнымі, ужо напрыканцы сустрэчы яе ўдзельніцы накіраваліся ў прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава. Сустрэліся з выхаванцамі ўстановы, пагутарылі, уручылі ім салодкія пачастункі.