Напярэдадні навагодніх святаў дзеці з сацыяльнага прытулку ў Варнянах Астравецкага раёна пісалі лісты Дзеду Марозу, у якіх дзяліліся з ім сваімі марамі і жаданнямі. Напярэдадні Новага года хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі жаданыя падарункі з рук белабародага чараўніка і яго ўнучкі Снягуркі. Дабрачынная акцыя «Ёлка жаданняў», якая праводзіцца па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын пры інфармацыйнай падтрымцы газеты «Астравецкая праўда», штогод дапамагае дзецям, якія сустракаюць святы ў прытулку, верыць у цуды. Сёлетні год – не выключэнне.
Цяпер тут жыве дванаццаць дзяцей. Яны розныя па ўзросце, характары, звычках – але ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак аб’ядноўвае вера ў тое, што яны вернуцца дамоў.
На жаль, некаторыя з выхаванцаў не першы раз трапляюць у прытулак і не першы раз тут будуць сустракаць навагоднія святы. У гэтым годзе хлопчыкі і дзяўчынкі па традыцыі напісалі лісты Дзеду Марозу – самым маленькім дапамаглі гэта зрабіць выхавацельніцы.
Дзяўчына ў сваім лісце прызналася: яна марыць, каб не было бяздомных жывёл і каб ніхто і ніколі не выкідваў сваіх гадаванцаў на вуліцу. А яшчэ яна хоча музычную калонку і касметычны набор: туш, дэзадарант, бляск для вуснаў.
«Дарагі Дзядуля Мароз! Мяне завуць Кірыл і я жыву ў Варнянах. Я вельмі стараўся быць добрым хлопчыкам ў гэтым годзе: дапамагаў маме ў агародзе і садзе; не забываў пра пажылых людзей; дапамагаў бабулі секчы дровы… У падарунак хачу атрымаць музычную калонку ў выглядзе машыны «Джып».
Максім (4 гады), Улад (3 гады), Насця (14 гадоў), Сяргей (8 гадоў)
Усмешлівы Максім, як і яго старэйшы брат Сяргей, марыць пра машынку на пульце. Гарэза Улад хоча атрымаць цацачнага робата. У сваім лісце Насця расказала Дзеду Марозу, што на працягу года добра сябе паводзіла, дапамагала маме ў хатніх справах і папрасіла яго прынесці кофту і духі з салодкім водарам.
Павел (9 гадоў), Маргарыта (13 гадоў), Дзіяна (17 гадоў – без фота)
Пакуль Паша і Маргарыта ходзяць у школу, Дзіяна працуе на мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Каб не спазняцца на работу, дзяўчыне не хапае гадзінніка, а таксама яна марыць мець касметычны набор.
Маргарыта, якая можа пахваліцца мадэльнай знешнасцю, просіць у Дзеда Мароза чаравікі 41 памеру і дэзадарант. Паўлу для поўнага шчасця не хапае музычнай калонкі ў выглядзе машынкі і красовак ці ролікаў 31 памеру.
Сяргей (4 гады), Эрыка (6 гадоў) і Макар (5 гадоў)
Як самая дарослая, Эрыка сочыць за сваімі брацікамі і не дазваляе ім свавольнічаць, а яны, у сваю чаргу, гатовы пайсці за сястрычкай хоць на край свету.
Як і кожная дзяўчынка, Эрыка хоча прыгожа выглядаць: для гэтага ёй не хапае банцікаў і гумак для валасоў. А яшчэ дзяўчынка марыць пра лялечны дамок. Макар верыць у тое, што Дзед Мароз прынясе яму цацачны верталёт, а яго браціку Сяргею – машынку..
Усе мары дзяцей Дед Мароз здзейсніў.


