Падзяка жывым, памяць загінулым – у Астраўцы ўшанавалі воінаў-інтэрнацыяналістаў

Бялюткі снег, бы нявіннасць маладых салдатаў, чырвоныя гваздзікі, бы кроў загінулых на той вайне, і цвёрды камень, бы загартаваныя Афганам характары і лёсы. Мінула 32 гады з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. І сёння ля памятнага знака ахвярам Афганскай вайны сабраліся прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў (у тым ліку Астравецкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”), ваенізаваных структур, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна, ветэраны працы, моладзь і проста нераўнадушныя грамадзяне – каб пакланіцца загінулым і падзякаваць за мужнасць жывым.

– Мы сабраліся разам, каб ушанаваць памяць землякоў, жыццё якіх абарвала Афганская вайна, – адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін. – Больш за 14 тысяч савецкіх воінаў загінулі на чужой зямлі, 6 тысяч – памерлі ад ран і хваробаў, 311 – прапалі без вестак. Гэта былі самыя вялікія страты Савецкай арміі з часу Вялікай Айчыннай вайны. Каля 800 беларусаў не вярнуліся з Афганістана, у тым ліку і 2-е сыноў астравецкай зямлі – Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц. Сёння не проста Дзень памяці, гэта дзень шчырай удзячнасці і павагі воінам-інтэрнацыяналістам. Дзякуй вам за мужнасць, адвагу, патрыятызм!

Словы пашаны таксама выказалі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, якая ўручыла Падзячныя лісты воінам-інтэрнацыяналістам Сяргею Івашку, Вацлаву Казлоўскаму, Уладзіміру Алізару, Аляксандру Андралойцю і Уладзіміру Драгану.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Снегур – ён падзякаваў прысутным за памяць і пажадаў міру, спакою і дабра.

Хвіліна маўчання, трайны залп і ўскладанне кветак да памятнага знака завяршылі ўрачыстасць. А пасля воіны-інтэрнацыяналісты паехалі на могілкі, каб праведаць сваіх братоў-землякоў, што не вярнуліся дадому.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *